СНЕ́ЖНАЯ ПЛЕ́СНЯ,

хвароба збожжавых культур, якая выклікаецца грыбамі роду фузарыум. Пашкоджвае азімыя жыта і пшаніцу, шматгадовыя травы (купкоўку зборную, мятліцу, лісахвост і інш.). Назіраецца пераважна ў галы з працяглым раставаннем снягоў, частымі туманамі і недастатковай інсаляцыяй. На Беларусі найб. шкодзіць у паўн.-ўсх. раёнах Віцебскай і Магілёўскай, паўн.зах. раёнах Гродзенскай і Мінскай абласцей.

Інфекцыя захоўваецца ў глебе на расл. рэштках у выглядзе пладовых цел, міцэлію, склероцыяў і інш. На лісці раслін пры выхадзе з-пад снегу ўтвараецца суцэльны ружаваты павуціністы налёт. Спачатку ўзнікаюць канідыі (заражаюць маладыя расліны), потым пладовыя целы з сумкамі і сумкаспорамі (заражаюць каласковыя лускавінкі і зярняўкі). Пашкоджаныя расліны трацяць лісце або гінуць.

Снежная плесня: 1 — пашкоджаная расліна; 2 — міцэлій грыба на зерні; 3 — прарастанне заражанага зерня.

т. 15, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)